ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ, Кравец камень,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 500 м на З ад в. Вароніна Сенненскага р-на Віцебскай вобл., у пойме р. Абалянка. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату (авоіды ад 2 да 8 см у папярочніку). Даўж. 10,2 м, шыр. 6 м, выш. 2,7 м, у абводзе 26,4 м, аб’ём 60 м³, маса бачнай ч. каля 150 т. Ч.к. — другі па памерах ледавіковы валун на Беларусі. Формай нагадвае цэглу з акругленымі бакамі — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—17 тыс. г. назад з ПдЗ Фінляндыі. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)